Ліст Барбары Радзівіл да караля Жыгімонта Аўгуста

(Канец 40-х гг. XVI ст.)

Друкуецца паводле публікацыі ў «Спадчыне» (1997. № 6), пераклад Н. Русецкай.

Найяснейшы міласцівы Кароль, Пане а Пане мой міласцівы.
Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану я пакорна дзякую, што мне, найменшай служэбніцы сваёй Ваша каралеўская мосць, мой міласцівы пан меў ласку даць знаць у сваім лісце пра здароўе Вашай каралеўскай мосці, на той час фартуннае, што я слуга Вашай каралеўскай мосці чуць рада, i то уважаю сабе вышэй за ўсе пацехі на свеце i за ўласнае здароўе, такога ж фартуннага Вашай каралеўскай мосці ад пана Бога жадаю. Не меншую радасць маю з таго i за тое пану Богу наперад дзякую, што Ва­шай каралеўскай мосці праз вечныя часы буду заслугоўваць тую міласцівую ласку, якую пазнала з ліста Вашай каралеўскай мосці, у якім мне Ваша каралеўская мосць паведаміць мелі ласку, што мяне, вечную нявольніцу сваю, Ваша каралеўская мосць маеце ласку, там будучы, мець i захоўваць у міласцівай памяці i ласцы сваёй панскай, апавядаючы мне да таго, што ніхто з падданых Вашай каралеўскай мосці, якія ўжо ведаюць пра тое, што мяне Ваша каралеўская мосць мелі ласку ўзяць сабе за вечную слугу, перад Вашай каралеўскай мосцю ліха мяне не ўспамінаюць. Таго я, найяснейшы міласцівы кароль, не прыпісваю ніводнай годнасці сваёй, толькі самой ласцы ды міласэрнасці Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану, бо разумею тое i напісаць гэта магу; калі Ваша каралеўская мосць, пан мой са мной, хто супраць мяне? А таму пана Бога безупынна прашу i прасіць не перастану аб тым, абы я ласкі Вашай каралеўскай мосці магла i ўмела вечна заслугоўваць, паводле волі i мыслі Вашай каралеўскай мосці, майго міласцівага пана, сабе i Вашаму народу, сваім слугам i верным падданым Вашай каралеўскай мосці, пана i дабрадзея майго міласцівага. Бо, калі я буду ўмець заслугоўваць у асобе сваёй ласкі Вашай каралеўскай мосці, разумею, што ўсё шчасце, слава, дабро на мяне сыдзе, само мне спадаць будзе, міласцівай ласцы такой i абароне служэнне свае вечнае даручаю i паручаю, пакорна просячы, абы з яе не была пакінута. Прытым Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану пакорна дзякую за той пярсцёнак, які Ваша каралеўская мосць мне, служэбніцы сваёй, паслаць мелі ласку, знак міласцівай ласкі сваёй. Таксама я пасылаю Вашай каралеўскай мосці пярсцёнак ад вечнай нявольніцы Вашай, нягодны пярсцёнак нашэння на руцэ каралеўскай, зрабіце ласку, Ваша каралеўская мосць, міласціва прыняць, толькі як ахвяраванне праз яго вечнай службы маёй прад ногі Вашай каралеўскай мосці, ён гадзіннічак ад мяне, бадай бы, мне ў хуткім часе азначыў фартунную і вясёлую гадзіну прыезду Вашай каралеўскай мосці самаго да нас, якога ў добрым здароўі, нязменнай ласцы перад сабой, каб хутка ўбачыла, дай мне то, пане Божа. Падчашага, вечнага слугу Вашай каралеўскай мосці, прашу, каб Ваша каралеўская мосць і захоўваў і меў у міласцівай ласцы сваёй каралеўскай з панам Давойнам.

Вашай Каралеўскай Мосці вечная слуга Барбара Радзівілянка

 

Пакінуць каментарый