Паданне пра Рагнеду

У год 6488 (980)… Паслаў Уладзімір да Рагвалода ў Полацак сказаць: «Хачу ўзяць тваю дачку сабе за жонку». Той спытаў у сваёй дачкі: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуць рабыніча, а Яраполка хачу». Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора і трымаў уладу ў Полацку, а Тур – у Тураве, ад яго ж і празваліся тураўцы. І прыйшлі отракі Ўладзіміра і перадалі яму словы Рагнеды, дачкі полацкага князя Рагвалода. Уладзімір жа сабраў шмат вояў – варагаў, славен, чудзі і крывічоў – і пайшоў на Рагвалода. А ў гэты час ужо збіраліся выдаваць Рагнеду за Яраполка. І напаў Уладзімір на Полацак, забіў Рагвалода і двух яго сыноў, а дачку яго ўзяў за жонку.

У год 6636 (1128) памёр полацкі князь Барыс… Пра гэтых Усяславічаў раскажам, як людзі дасведчаныя апавядалі. Калі Рагвалод трымаў уладу і княжыў у Полацку, тады Ўладзімір быў яшчэ юнаком і язычнікам і жыў у Ноўгарадзе. І быў у яго дзядзька Дабрыня, храбры ваявода і спраўны мужчына. І паслаў ён да Рагвалода і прасіў яго аддаць дачку за Ўладзіміра. Спытаў у сваёй дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуць рабыніча, а Яраполка хачу». Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора і трымаў уладу ў Полацку. Уведаўшы гэта, раззлаваўся Ўладзімір ад тых слоў дзяўчыны, якая сказала: «не хачу я за рабыніча», і пажаліўся Дабрыні. І раз’юшыліся яны, сабралі вояў і пайшлі на Полацак. І перамаглі Рагвалода. Сам жа полацкі князь уцёк у горад. І паланілі Рагвалода, яго жонку і дачку. І прыгадаў Дабрыня яму і яго дачцы «рабыніча» і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і маці. Пасля Ўладзімір забіў яе бацьку, а яе самую ўзяў за жонку. І назвалі яе Гарыславаю. І нарадзіла яна Ізяслава. Уладзімір жа пасля меў шмат іншых жонак і стаў ёю грэбаваць.

Аднойчы, калі ён прыйшоў да яе і заснуў, яна хацела яго зарэзаць нажом. І надарылася яму [у той момант] прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: «Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцём». І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як у дзень шлюбу, і сесці на белай пасцелі ў палацы, а ён прыйдзе і заб’е яе. Яна так і зрабіла. І дала ў рукі свайму сыну Ізяславу аголены меч і сказала: «Як увойдзе твой бацька, выйдзі наперад і скажы: «Бацька, не думай, што ты тут адзін». [І зрабіў так Ізяслаў]. Уладзімір жа сказаў: «А хто ведаў, што ты тут». І апусціў ён свой меч, склікаў баяр і расказаў ім [усё гэта]. Яны ж параілі яму: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй са сваім сынам». І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў гэты горад Ізяслаўлем. І з таго часу меч узнімаюць Рагвалодавы ўнукі супраць Яраслававых унукаў.

Крыніца:
Беларускія летапісы і кронікі.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997

Пакінуць каментарый