“Гісторыя беларускай кнігі” – летапіс унікальных знаходак

Ці шмат мы ведаем пра тое, як выглядалі першыя рукапісныя кнігі? А як змянялася мастацкае аздабленне кніг на працягу стагоддзяў?  Падрабязныя адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў кнізе “Гісторыя беларускай кнігі. Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага”, якая зусім нядаўна пабачыла свет у сталічным выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Гэта манаграфія доктара філалагічных навук з Санкт-Пецярбурга, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Міколы Нікалаева.гісторыя кнігі

Увогуле “Беларуская энцыклапедыя” задумала выдаць двухтомнік па гісторыі беларускай кнігі. Першы том, напісаны Міколам Нікалаевым, ужо можна патрымаць у руках. Што тычыцца тактыльных ды эстэтычных адчуванняў, то кніга сапраўды вартая таго. Больш за 400 гладкіх блішчастых старонак павялічанага А4 фармату, плюс да таго болей за 200 ілюстрацый. Фактычна, па ілюстрацыі – на кожным развароце. Думаю, пагартаць такую кнігу ніхто б не адмовіўся.

Першы том, пра які ўласна і вядзецца гаворка, прысвечаны гісторыі беларускай кнігі ў перыяд існавання ВКЛ. Кніга падзяляецца на тры раздзелы: “Спадчына Кіеўскай Русі”, “Уздым і крах літоўскай культуры (1501-1648)”,  “Культурная перыферыя Рэчы Паспалітай (1648-1795)”. Навуковымі кансультантамі выступілі В. Антонаў і А. Мальдзіс.

Плануецца, што другі том “Гісторыі беларускай кнігі” будзе ахопліваць перыяд ад 19-га стагоддзя да канца ХХ стагоддзя. Ён будзе падрыхтаваны калектывам аўтараў пад агульнай рэдакцыяй Міколы Нікалаева.

Запатрабаванасць такога выдання для Беларусі відавочная. Па словах Міколы Нікалавева, апошнім сур’ёзным даследаваннем на тэму гісторыі беларускай кнігі была выдадзеная ў 1926 годзе ў Коўне “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага. “Затым былі асобныя артыкулы ды тоненькая кніжка Наталлі Бярозкінай “Гісторыя беларускага кнігадрукавання”. Універсітэцкага рангу кнігі не было”, — гаворыць Мікола Нікалаеў.  Гэтую лакуну можа запоўніць двухтомнік “Гісторыя беларускай кнігі”.

Лёс першага тома няпросты. Аўтар працаваў над ім 8 год, і яшчэ 9 год падрыхтаваны макет кнігі чакаў свайго выдаўца.

“Справа ў тым, што правы на тэкст належалі мне, а на ілюстрацыі – выдавецтву “Асар”, — распавядае аўтар. — З-за вялікай колькасці ілюстрацый кніга аказалася вельмі дарагая, да таго ж, атрымалася так што, выдавецтва “Асар” апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы і не магло сабе дазволіць выдаць такую дарагую кнігу. І не адно выдавецтва не хацела брацца за гэту справу. У рэшце рэшт, ініцыятыву праявіла “Беларускя энцыклапедыя” і выкупіла цалкам правы на выданне кнігі. Вельмі шмат намаганняў у гэтым накірунку прыклала дырэктар “Беларускай энцыклапедыі” Таццяна Бялова. Менавіта яна дамовілася з выдавецтвам “Асар” наконт перадачы правоў.”

Сваім цудоўным афармленнем кніга абавязана вядомаму беларускаму мастаку Генадзю Мацуру. Цікава, што той зрабіў уласныя ілюстрацыі-ўпрыгожванні толькі ў прадмове да кнігі, усе астатнія ілюстрацыі – гэта фотаздымкі са старажытных кніг. Такім чынам, чытачу будзе лёгка скласці ўяўленне аб, тым як калісьці выглядалі кнігі.

Выдадзеная кніга поўная ўнікальных знаходак. Да прыкладу, там змяшчаецца фотаздымак пераплёту гістарычнай хронікі чэшскага гуманіста  Яна Дубравіўса. Гэтая хроніка калісьці знаходзілася ў Нясвіжскай ардынацкай бібіліятэцы. Зараз знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургскай бібліятэцы Акадэмі навук.

“Я даведаўся, што гэтая кніга захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскай бібліятэцы Акадэмі навук, — расказвае Мікола Нікалаеў. – Гэта вялікая каштоўнасць, якую нікому не паказваюць. Я доўга-доўга хадзіў за супрацоўніцамі бібіліятэкі, і нарэшце яны мне дазволілі сфатаграфаваць пераплёт”.

Яшчэ адна ўнікальная знаходка — гэта закладка-выцінанка 18 стагоддзя. “Нядаўна выйшла кніга Яўгена Сахуты “Беларуская выцінанка”. Дык там выцінанкі толькі з 19 стагоддзя, а ў мяне ў кнізе – 18 стагоддзя, — з гонарам гаворыць аўтар “Гісторыі беларускай кнігі”. — І такіх знаходак у кнізе вельмі шмат”.

У кнізе аўтарам выдатна адлюстравана інтэграванасць Беларусі ў Еўрапейскую кніжную прастору.

Да прыкладу, на адной са старонак кнігі бачым фотаздымак гравюры з Брэсцкай Бібліі 1563 года. Такую ж гравюру знайшлі ў Бібліі, выдадзенай у Ліёне (Францыя) у 1565 годзе, што сведчыць пра тое, што праз два гады французскі майстар скапіраваў гравюру з Брэсцкай бібліі.

У сваю чаргу тутэйшыя майстры таксама капіравалі творы замежных мастакоў. Так, у кнізе “Манархія Турэцкая” змешчана гравюра Максіма Вошчанкі, зробленая ў 1678 годзе. Гэтая гравюра з’яўляецца люстэркавай копіяй гравюры французскіх майстроў С. Леклерка і Н. Кашэна 1670 года.

Падчас працы над кнігай аўтарам было зроблена шмат цікавых назіранняў. Адно з іх прынамсі сведчыць пра асаблівасці светаўспрымання тагачасных людзей. Гаворка пра тое, што Мікола Нікалаеў заўважыў, што ў кнізе Андрэя Младзяноўскага “Аб святых патронах Польшчы і Літвы” (1671 г.) віленскі гравёр Тамаш Шнопс паказаў святога Галікана ў вобразе Льва Сапегі.

“Я глядзеў на гэтую выяву і думаў: некага мне нагадвае гэты святы, дзесьці я яго ўжо бачыў, — рапавядае Мікола Нікалаеў. – Пасля я здагадаўся, што вобраз Галікана змаляваны з вядомай гравюры Льва Сапегі, зробленай ў 1621 годзе”.

Асобным дасягненнем першага тома “Гісторыі беларускай кнігі” можна лічыць тое, што напрыканцы кнігі змешчана рэзюме на пяці мовах: англійскай, польскай, літоўскай, кітайскай і нават японскай.

http://zbsb.org/

Пакінуць каментарый