Гісторыя старабеларускай літаратуры
Старажытная беларуская літаратура ўяўляе сабой першы этап у развіцці пісьмовага мастацкага слова беларускага народа. У значнай меры менавіта яна – побач з фальклорам – падрыхтавала трывалую нацыянальную глебу для новай беларускай літаратуры.
Цяжка дакладна вызначыць, калі з’явілася пісьмовая літаратура на Русі. Несумненна адно, што яна была ўжо ў даволі развітым класавым грамадстве, калі ў асноўным аформілася дзяржаўнае жыццё. З узнікненнем дзяржавы нарадзілася пачуццё патрыятызму, жаданне ведаць мінулае сваёй зямлі, праславіць подзвігі продкаў і сучаснікаў, пры дапамозе пісьменнасці замацаваць усё гэта для перадачы будучым пакаленням.
Старажытная беларуская літаратура, вядома, развівалася не ізалявана, бо беларускія землі знаходзіліся ў цесных эканамічных і культурных сувязях з усімі суседнімі дзяржавамі. Яшчэ ў перыяд Кіеўскай Русі нашы продкі многае перанялі з Візантыі, што абумовіла прыкметнае ўздзеянне на наша пісьменства візантыйскай, а таксама балгарскай літаратуры. Пазней, пасля распаду Кіеўскай Русі, узмацніліся культурныя сувязі з Захадам, што садзейнічала прытоку да нас заходнееўрапейскіх твораў.
Асабліва цеснай была сувязь старажытнай беларускай літаратуры с украінскай і польскай. Гэта тлумачыцца тым, што беларускія і большасць украінскіх зямель былі далучаны да Вялікага Княства Літоўскага, а пазней (1569 г.) аб’яднаныя з польскімі землямі ў Рэч Паспалітую.