Home Page Image
 

...Першае, што скажу я табе, гэта чытай, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі...

Максім Гарэцкі
 

 


Кнігадрук на Беларусі ў XVI-XVII стст.

Пасля Скарыны друкаванне ў Вялікім Княстве аднавілася ў сярэдзіне XVI ст. і ўжо не спынялася.

Адразу некалькі друкарняў дзейнічалі ў 1550-х - 1570-х гадах у Берасці пад апекаю канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага. Толькі ў адной з іх, якой кіраваў Цыпрыян Базылік, выйшла больш за 40 выданняў рознага зместу. Значная частка была адрасаваная простаму, «паспалітаму» чытачу. Сярод гэтых кніг «Размова паляка з ліцьвіном», дзе разглядаўся дзяржаўны і палітычны лад у Вялікім Княстве і Польскім Каралеўстве напярэдадні Люблінскай вуніі 1569 г. Тамсама пабачыла свет так званая Берасцейская, або Радзівілаўская, Біблія, якая лічыцца выдатным помнікам польскамоўнага кнігадрукавання ў Беларусі.
У Нясвіжскай друкарні, якую ўзначальвалі Сымон Будны, Мацей Кавячынскі і Лаўрэн Крышкоўскі, выйшлі па-беларуску кнігі «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і «Катэхізіс». Скарынаўскую традыцыю кірылічнага кнігадрукавання працягваў Васіль Цяпінскі, што заснаваў друкарню ў родавым маёнтку Цяпіна пад Чашнікамі. Вялікую ролю ў жыцці дзяржавы адыгрывала Віленская друкарня братоў Мамонічаў, дзе па-беларуску быў выдадзены Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. і яшчэ болей за 50 кніг кірыліцай.

Вадзяныя знакі

Сведчаннем высокага культурнага развіцця Вялікага Княства Літоўскага ў эпоху Рэнесансу было існаванне шматлікіх друкарняў. У іх выпускалася неабходная для патрэбаў дзяржавы і яе жыхароў разнастайная літаратура: рэлігійныя кнігі, зборы законаў, навуковыя трактаты, падручнікі і слоўнікі, мастацкія творы.
У сярэдзіне XVI ст. беларусы заснавалі кнігавыдавецкую справу ў Масковіі. Гэта былі Пётра Мсціславец родам з Амсціслава ды Іван Федаровіч (Фёдараў), які належаў да шляхоцкага роду герба «Шранява». Усё друкарскае начынне яны прывезлі з радзімы, дзе кнігі выходзілі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў Аднак кансерватыўнае маскоўскае духавенства і цёмнае баярства паставіліся да беларускіх асветнікаў варожа. Неўзабаве пасля выдання першай расейскай кнігі «Апостал» (1564 г.) Мсціславец і Федаровіч былі абвінавачаныя ў «пашырэнні ерасі», а іхную друкарню разбурыў раз'юшаны натоўп. Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, нашыя суайчыннікі працягвалі працу ў Заблудаўскай друкарні пад Беластокам, якую фундаваў беларускі магнат Рыгор Хадкевіч. Там выйшлі вядомыя «Евангелле вучыцельнае» і «Псалтыр» з «Часаслоўцам». Праз колькі гадоў Іван Федаровіч пераехаў у Львоў, дзе заснаваў першую друкарню ва Украіне. Там былі выдадзеныя першая дакладна датаваная ўкраінская кніга «Апостал» (1574 г.) і першы друкаваны ўсходнеславянскі падручнік «Азбука». Неўзабаве Федаровіч адчыніў друкарню і ў горадзе Астрозе. Шрыфты і гравюры для львоўскіх і астрожскіх выданняў рабіў беларус Грынь Івановіч.
Друкарні пры брацтвах, манастырах, навучальных установах, дварах магнатаў існавалі ў Менску, Полацку, Куцейне (каля Воршы), Магілеве, Буйнічах, Любчы, Супраслі. У Евейскай друкарні паблізу Вільні ў 1619 г. сышла з варштату славутая «Граматыка» Мялета Сматрыцкага, якая два стагоддзі служыла ва ўсім усходнеславянскім свеце падручнікам царкоўна-славянскай мовы.
Увагаю да антычнай спадчыны вызначалася дзейнасць беларускага друкара Яна Карчана, якога з гэтае прычыны параўноўвалі з славутым венецыянскім выдаўцом Альдам Мануцыо. Спачатку Карчан друкаваў кнігі у Лоску (каля Крэва), а у 1580 г. заснаваў друкарню у Вільні. Дзякуючы яму прыйшлі да чытача больш за сто выданняў, што ў бальшыні мелі свецкі характар. Адным з першых быў трактат Цыцэрона «Пра абавязкі». Вялікую папулярнасць здабыла кніга «Апафегматы» - зборнік афарызмаў і кароткіх апавяданняў з жыцця знакамітых людзей старажытнага свету. Побач з «Гісторыяй Юдэйскай вайны» Флавія, творамі Эразма Ратэрдамскага ды іншых заходнееўрапейскіх гуманістаў Карчан друкаваў кнігі тагачасных беларускіх пісьменнікаў Сымона Буднага, Андрэя Рымшы, Андрэя Валяна, Яна Казаковіча, Беняша Буднага. Шырока разыходзіліся медычныя трактаты, падручнікі, календары, палемічныя выданні.


 

 

раздрукаваць


 

Печи и котлы/Банные печи Тунгуска XXL 2013. антрацит, ДНС, ТО.

 
 

 

 

 
2013-2015 © Усе правы абароненыя