Высокага узроўню дасягнула мастацтва кнігі ў ВКЛ у XIV – XV ст.. Пры буйных храмах і манастырах у Полацку, Новагародку, Смаленску, Вільні, Лаўрышаве, Супраслі дзейнічалі скрыпторыюмы, дзе быў падзел працы паміж перапісчыкамі ды іншымі адмыслоўцамі. Тэксты ўпрыгожваліся маляванымі загалоўкамі (ініцыяламі) і каляровымі мініяцюрамі. Вокладкі мелі эмалевыя выявы і багатую аздобу з каштоўных камянёў.
Для старажытнага Лаўрышаўскага манастыра ў першай палове XIV ст. было напісанае знакамітае Евангелле з 19 мініяцюрамі на біблійныя сюжэты. На срэбнай пласціне, пасярэдзіне абцягнутай аксамітам вокладкі, знаходзіцца выява святога з шчытом і дзідаю. Магчыма, тут увасоблены заснавальнік манастыра сын Міндава князь Войшалк, у манастве Лаўрыш. Выдатнымі ўзорамі беларускай рукапіснай кнігі сталі таксама Смаленскі Псалтыр XIV ст., Друцкае (XIV ст.) і Жыровіцкае (XV ст.) Евангеллі.
Вялікая роля ва ўзбагачэнні і развіцці тагачаснай афіцыйнай і літаратурнай беларускай мовы належала вялікакняскай канцылярыі. Яе пісары карысталіся менавіта гэтай мовай – дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага.
У Вялікім Княстве Літоўскім ўжо існавалі значныя бібліятэкі-кніжніцы. Найстаражытнейшай з іх была бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Апрача рэлігійных кніг там зберагаліся летапісы, «Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай», пераклады з антычных і візантыйскіх аўтараў. Пазней узніклі бібліятэкі пры манастыры Звеставання ў Супраслі, пры Свята-траецкім – у Вільні, Траецкім – у Слуцку…