Усім станам Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, падканцлер Вялікага Княства Літоўскага, стараста слонімскі, маркоўскі і мядзельскі, пакорлівыя і зычлівыя службы свае ахвярую.
Заўважалі тое ўсіх вякоў мудрыя людзі, што ў кожнай Рэчы Паспалітай чалавеку прыстойнаму нічога не можа быць даражэй за вольнасць. А няволяй так мусіць гідзіцца, што не толькі скарбамі, але й смерцю самой яе ад сябе адганяць павінен. А таму ўсе людзі прыстойныя не толькі маёмасць, але і жыццяў сваіх супраць кожнага непрыяцеля выносіць не шкадуюць, каб пад іх жорсткае панаванне не трапіць. Каб вольнасці сваёй пазбаўленыя, паводле волі і разумення чужынцаў не мусілі жыць. Але ўжо мала таго, каб чалавек не быў у няволі вонкавага непрыяцеля, а дамашняга непрыяцеля над сабой трываць мусіў. Таму той муштук або вудзіла дзеля стрымання кожнага нахаб-ніка вынайдзеныя. Каб баяўся закону, усякага гвалту і сваволі ўнікаў. І над больш слабым і горшым не здзекваўся, а таксама не мог прыгнятаць яго. Бо для таго законы ўстаноўленыя, каб багатаму і моцнаму не ўсё было вольна чыніць. Як гаварыў Цы-цэрон: «Становімся нявольнікамі законаў для таго, каб свабоды ўжываць маглі».
Калі чалавеку прыстойнаму нічога няма даражэй за тое, каб у Айчыне сваёй бяспечна жыць, не баючыся, каб яго добрай славы не зганьбілі, целу ды здароўю не прычынілі шкоды, каб не маглі пакрыўдзіць яго на ўласнай маёмасці, тады толькі праву, а не чаму іншаму, павінен быць адданы. Дзякуючы законам, чалавек абаронены, аніякага прымусу, знявагі і крыўды не церпіць. Бо мэта і сэнс усіх законаў на свеце, каб кожны добрую славу сваю, здароўе і маёмасць захоўваў ў цэласці, ва ўсім гэтым аніякіх стратаў не меў.
Нашая вольнасць, якую мы хвалім сярод іншых народаў хрысціянскіх, у тым, што маем гаспадара, які пануе не паводле волі сваёй, а паводле права нашага. І як славай добрапрыстойнай, гэтак жыццём і маёмасцю вольна карыстаемся. Бо калі б нехта ў тых трох рэчах нас пакрыўдзіць наважыўся і паводле прыхаці сваёй, а не паводле законаў нашых, узвысіўся над намі, той быў бы не панам нашым, а скажальнікам правоў і вольнасцяў нашых.
Мы пры гэтым мусілі б быць яго нявольнікамі. І слушна за праўду маем, за што дзякуй Пану Богу, што пры панаванні каралёў іх міласцяў і вялікіх князёў, гаспадароў нашых, тую ўладу і вольнасць у руках сваіх маем. Творачы права самі сабе, найлепш можам вольнасці свае ва ўсім захаваць, бо не толькі сусед ці просты абываталь у Айчызне, але і сам гаспадар, пан наш, аніякай тыраніі над намі ўжываць не можа, адно толькі столькі, колькі яму права дазваляе. Таму, маючы гэтакі скарб у руках нашых, каторы нельга купіць ні за якую суму, належыць кожнаму прыстойнаму чала-веку ведаць пра яго. Каб быў добра абазнаны, сам сябе і жарсці свае стрымліваў, дзейнічаў паводле пісанага права і нікога не
крыўдзіў. Калі б быў некім пакрыўджаны, каб ведаў, дзе мусіць шукаць абароны і лекаў у крыўдзе сваёй.
Як адзін сенатар рымскі другога караў за тое, што права Айчызны сваёй не ведаў, гэтак і кожны наш абываталь заслугоўвае прачуханкі за тое, што вольнасцю сваёй выхваляецца, а законаў сваіх умець і разумець не хоча, тых законаў, якія вольнасць яго дазваляюць захоўваць. Сорамна народу не ведаць сваіх законаў, асабліва нам, бо не на чужой якой мове, а на сваёй уласнай маем пісанае права! І кожнага моманту, пры патрэбе даць адпор усялякай крыўдзе, мусім ведаць права. А паколькі паўставалі немалыя цяжкасці ад таго, што не кожны мог мець Статут з-за доўгага перапісвання, тады, кіруючыся патрэбамі кожнага абываталя і служачы карысці рэчы паспалітай, наважыліся тую працу на сябе ўскласці. І, не шкадуючы кошту і накладу свайго, той Статут у друк падаў. Тым самым дарогу зручную і лёгкую да спасціжэння права кожнаму пратарыў. Кожны, хто захоча, зможа мець яго ў руках сваіх. Прашу вашу міласць, дазвольце тую працу ад мяне ўдзячна прыняць. Маючы вольнасці свае, добра замацаваныя правам, таго сцеражыцеся, каб да судоў і да трыбуналаў не толькі людзей добрых, але і ў праве нашым глыбока абазнаных выбіралі. Якія баяцца Пана Бога і цнатлівыя. Якія б для карысці сваёй, на шкоду бліжняму, дзеля прагнасці сваёй і дзеля падарункаў права не перакручвалі. Але простым парадкам ідучы, святую праўду і справядлівасць зберагалі. І тую вольнасць, якой гэтак цешымся, цалкам нам захавалі.З тым братэрскай ласцы і міласці вашых міласцяў даручаюся.
1588
Пераклаў Іван Саверчанка