Літаратура эпохі рэнесансу

Адным з першых здабыў славу на радзіме і ў Еўропе паэт-лацініст Ян Вісліцкі. Галоўнай тэмай яго выдадзенай у 1516 г. паэмы «Пруская вайна» была Грунвальдская перамога над Тэўтонскім ордэнам. Вісліцкі добра разумеў яе эпахальнае значэнне для лёсу краіны. У паэме ўслаўляліся гераічнае мінулае Вялікага Княства, гаспадар Вітаўт, нашы ваяры, «славутыя сваёй мужнасцю на вайне». Паэт з гонарам згадваў іншыя бліскучыя перамогі нашай зброі – над татарамі пад Клецкам і над маскоўцамі пад Воршай.

Еўрапейскіх вышыняў у эпоху Рэнесансу дасягнула беларуская літаратура і найперш паэзія, якая тады стваралася пераважна на лаціне – міжнароднай мове літаратурнай творчасці і навукі.

«Пруская вайна» Яна Вісліцкага запачаткавала ў беларускай літаратуры жанр гістарычнай эпапеі.

Літаратура эпохі рэнесансу
Старонка Баркулабаўскай хронікі. XVII ст.

У еўрапейскіх краінах чыталі і творы іншых беларускіх пісьменнікаў – «Дэкатэрас» Андрэя Рымшы, «Радзівіліяду» Яна Радвана, «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» Галляша Пельгрымоўскага. А. Рымша складаў паэтычныя творы па-беларуску ды па-польску і стаў заснавальнікам у нашай тагачаснай літаратуры жанру панегірычнай паэзіі. Лацініст Я. Радван, які атрымаў універсітэцкую адукацыю ў Падуі, быў паслядоўнікам Вергілія. На беларускай, лацінскай і польскай мовах пісаў Г. Пельгрымоўскі. Ян Радван, Андрэй Рымша і ягоны сябар і калега Ян Казаковіч, падпісваючы свае творы, звычайна дадавалі да імя і прозвішча патрыятычнае ўдакладненне – Ліцьвін.

Кніга Мацея Казіміра Сарбеўскага «Лірыка» вытрымала пры жыцці аўтара ў розных гарадах Еўропы шэсць выданняў, адно з якіх, антвэрпэнскае, ілюстраваў Пітэр Паўль Рубенс. (Да канца XX ст. агульная колькасць перавыданняў гэтай славутай кнігі дасягнула 60.) «Чалавек – сімвал свету, бо ўтрымлівае ў сабе дасканаласць усяго існага», – пісаў Сарбеўскі. Паэзію ён лічыў сферай духоўнай свабоды, а створаны ёю мастацкі свет – ідэальнай рэальнасцю, што існуе побач з светам, які нарадзіла Божая воля. Выпускнік Віленскай акадэміі паэт-лацініст Мацей Казімір Сарбеўскі заслужыў у сучаснікаў найменне «хрысціянскага Гарацыя». Першы з славянаў ён быў увянчаны лаўровым вянком на Капіталійскім пагорку ў Рыме, дзе з даўніх часоў ушаноўвалі найталенавіцейшых паэтаў.

Паэт і перакладнік Саламон Рысінскі быў першым збіральнікам беларускіх прыказак, прымавак і прыпавесцяў, пісаў вытанчаныя эпітафіі, пераклаў для Віленскай пратэстанцкай супольні псалмы цара Давіда. Гамэрам Вялікага Княства называлі Мацея Стрыйкоўскага. Паляк паводле нараджэння, ён у 16-гадовым узросце пераехаў у нашую краіну і стаў яе адданым патрыётам. Вялікую папулярнасць мелі ягоныя гістарычныя вершаваныя і празаічныя творы, дзе апавядалася «аб мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, рускага і жамойцкага». Галоўнай працай М. Стрыйкоўскага стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» – першая друкаваная гісторыя Вялікага Княства. Цікава, што ў творах Стрыйкоўскага сустракаецца назоў «Белая Русь», але ён выкарыстоўваецца ў дачыненні да Масковіі.

Працягваліся традыцыі летапісання. Найболып значнымі і цікавымі творамі гэтага жанру былі напісаныя па-беларуску «Хроніка Быхаўца» і «Баркулабаўская хроніка». Іх аўтараў адрозна ад ранейшых летапісцаў усё больш вабіла не толькі гісторыя краіны, але і лёс асобнага чалавека. Побач з хронікамі з’явілася літаратура зусім новага жанру – дыярыюшы (дзённікі) і мемуары. Напісаныя жывой мовай, насычаныя дасціпнымі назіраннямі і разважаннямі былі ўспаміны наваградцаў Хведара Еўлашоўскага і Самуля Маскевіча, «Лісты» аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага, «Дыярыюш» праваслаўнага манаха Апанаса Філіповіча. Каля 20 выданняў у перакладах на розныя еўрапейскія мовы вытрымала кніга «Перыгрынацыя». Яе аўтар Мікалай Крыштоп Радзівіл Сіротка апісаў сваё падарожжа ў Святую зямлю, пад час якога ён наведаў таксама Крыт, Кіпр, Сірыю і Егіпет.

Гуманіст і мысляр Міхалон Літвін, які быў паслом Вялікага Княства да крымскага хана, блізу 1550 г. стварыў на лацінскай мове трактат «Пра норавы татараў, ліцьвіноў і маскоўцаў». Ён разважаў над тым, як пераадолець «сапсаванасць нораваў» і зрабіць грамадства больш справядлівым. Падзяляючы ідэі тагачасных еўрапейскіх утапістаў, М. Літвін марыў пра свет без маёмаснай няроўнасці, раскошы і марнатраўства.

Вялікае пашырэнне ў нашай дзяржаве атрымала публіцыстычная літаратура ў выглядзе трактатаў, прадмоваў і пасляслоўяў якія ствараліся пераважна па-беларуску. Выдатнымі майстрамі гэтага жанру былі Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Валян, Леў Сапега, Мялет Сматрыцкі, Іпат Пацей. Наша пісьмовая мова ў гэты час вызвалялася ад даўнейшых рысаў царкоўна-славянскай. Пачалі ўсё часцей з’яўляцца беларускія тэксты лацінкаю (лацінскім альфабэтам). У такім выглядзе, да прыкладу, дайшоў да нас адзіны вядомы спіс «Хронікі Быхаўца». Лацінкаю напісаны і такі помнік нашай літаратуры XVII ст., як «Ліст да Абуховіча». Вялікая колькасць беларускіх тэкстаў лацінкаю захоўваецца ў Шведскім дзяржаўным архіве. Сярод іх – 150-старонкавы дыпламатычны дыярыюш з апісаннем перамоваў з маскавітамі.

Творы нашых пісьменнікаў XVI -пачатку XVII ст. сталі неадлучнай часткаю еўрапейскай літаратуры эпохі Рэнесансу.

тэкст © У. Арлоў

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *